КО́МПЛЕКСНАГА ВЫКАРЫСТА́ННЯ ВО́ДНЫХ РЭСУ́РСАЎ ЦЭНТРА́ЛЬНЫ НДІ Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь.
Засн. ў 1961 у Мінску. Да 1991 — галаўная арг-цыя па праблемах выкарыстання водных рэсурсаў у СССР. З 1992 — галаўная арг-цыя па рацыянальным выкарыстанні і ахове водных рэсурсаў на Беларусі. Асн. кірункі навук. дзейнасці: комплексная ацэнка стану і прагноз змянення водных рэсурсаў у звычайных ўмовах і парушаных у выніку гасп. дзейнасці; ацэнка ўплыву забору падземных і паверхневых вод на экалагічны стан прылеглых тэрыторый; распрацоўка мерапрыемстваў па ахове водных рэсурсаў ад іх вычарпання і забруджвання; гідраэкалагічнае абследаванне гасп. аб’ектаў, экспертыза тэхналогій і праектаў, якія здольны аказваць уплыў на стан водных аб’ектаў; распрацоўка праграмнага забеспячэння, геаінфарм. тэхналогій, мадэліраванне; вядзенне дзярж. воднага кадастру і маніторынгу; экалагічная сертыфікацыя, аўдыт і менеджмент у галіне выкарыстання і аховы водных рэсурсаў і інш.
М.М.Чарапанскі.
т. 8, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)